У пачатку ХІХ ст. у Расіі ўпершыню было створана Міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка краіны падзялялася на 6 навучальных акруг, на чале якіх стаяў папячыцель. Землі Беларусі, у тым ліку і Любаншчыны, ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі. Была замацавана трохступеневая сістэма адукацыі, уведзены жорсткі саслоўны прынцып асветы: гімназіі прызначаліся для дваранства і чыноўніцтва, павятовыя вучылішчы – для дзяцей мяшчан, купцоў і рамеснікаў, прыходскія вучылішчы – для ніжэйшых саслоўяў. Навучанне дзяцей вялося выключна на рускай мове, беларускай мовы ўлады не прызнавалі, як і саміх беларусаў, пагарджалі ёю і яна фактычна была забаронена. У школах выкладаліся элементарныя прадметы – руская і царкоўна-славянская грамата, арыфметыка, “дагматы” праваслаўнай веры і царкоўныя спевы”. Царскі ўрад адпускаў на адукацыю нязначныя сродкі і даваў дазвол на адкрыццё школ там, дзе насельніцтва згаджалася ўтрымліваць іх на свае сродкі (такія школы называліся “грамадскімі”). Школьныя памяшканні будаваліся таксама на грошы сялян. Такая прыходская школа была адкрыта ў вёсцы Загалле ў 1865 годзе. Настаўнікам быў назначаны Анісім Мігай. У школе навучалася 36 дзяцей. З іх – 26 хлопчыкаў, 10 дзяўчынак. Заняткі праходзілі ў прычтавых пабудовах Свята-Георгіеўскай царквы. Настаяцелем царквы ў той час быў свяшчэннік Мікалай Змаровіч, які ў 1869 годзе быў назначаны ў прыходскае вучылішча законанастаўнікам. У 1880-1892 гадах настаяцелем царквы і настаўнікам стаў Стэфан Лахоўскі (у школе навучалася 24 хлопчыкі). Ён адначасова навучаў дзяцей і ў школе граматы вёскі Падлуг. Яна была адкрыта ў 1881 годзе, вучылася ў ёй 10 хлопчыкаў.
Згодна школьнага ліста пачатковай царкоўнай школы (са справаздачнымі звесткамі за 1905 грамадзянскі год) значыцца, што ў сяле Загалле Загальскага прыхода Ляскавіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні існуе школа граматы. Заведуючы школы – свяшчэннік Міхаіл Шубін, настаўнік – Сямён Дзянісавіч Шаўкулаў. Гадавы аклад жалавання – 120 рублёў. Так як школа свайго жылля не мала, то за кватэру будзе выплачвацца 25 рублёў у год. На 20 снежня 1905 года ў школьным рэестры значыцца 45 навучэнцаў (29 хлопчыкаў, 16 дзяўчынак; з іх 13 чалавек сялянскага, 7 мяшчанскага і 25 дваранскага саслоўя), усе – праваслаўныя. Вучні вучыліся па хатах. У школьнай бібліятэцы налічвалася 103 экземпляры кніг для пазакласнага чытання. На патрэбы школы паступіла: 120 рублёў – з сумы Уезднага аддзялення Епархіяльнага Устаноўчага Савета, 67 рублёў 50 капеек – розныя іншыя паступленні, усяго- 187 рублёў 50 капеек. Патрэбы школы: няма асобнага памяшкання для школы, кватэры для настаўніка, памяшкання для прыходзячых вучняў і падручнікаў. У лістку адзначаецца, што школа знаходзіцца 80 вёрст ад бліжайшай станцыі Глуск.
З 1909 года настаўнікам школы працаваў Пракоп Ладышэўскі. У школе – чатыры класы. Акрамя Загальскай школы існавала школа ў Баянічах і Жывуні (настаўнік – Крукоўскі Васіль).
У 1930 годзе ў в.Загалле была адкрыта пачатковая школа. Дырэктар – Кветкоўскі Анатоль. Настаўнік – Філіповіч Іван Іосіфавіч.
Да 1935 года. Дырэктар – Макарчанка Спірыдон Дарафеевіч.
1935-1937 год. Дырэктар – Радзько Сцяпан Якаўлевіч
У сярэдзіне 1930-х гадоў пачатковая школа была рэарганізавана ў няпоўную сярэднюю школу (вучні заканчвалі 7 класаў). Першы выпуск адбыўся ў 1935 годзе. Пабудовай памяшкання для школы займаўся дырэктар Сцяпан Якаўлевіч. Настаўнікамі ў школе працавалі Радзько Антаніна Агафонаўна (жонка), Дзяшковіч Марыя Мартынаўна, муж і жонка Сарнацкія (Паліна Сарнацкая – настаўніца пачатковых класаў).
З 1937 па 1941 гг.. дырэктарам школы быў Скачок Андрэй Іосіфавіч. Школа складалася з двух будынкаў: у адным будынку, вялікім, вучыліся дзеці, у другім, меншым, жылі настаўнікі (Макарчанка Спірыдон Дарафеевіч, Мілевіч Любоў, Бандарэнка Сцяпан Анісімавіч).
Калі пачалася вайна, Сарнацкі хацеў арганізаваць нямецкую школу. Ніхто з дзяцей не захацеў вучыцца ў гэтай школе.
За супрацоўніцтва з фашыстамі Сарнацкі быў забіты партызанамі. У маленькім будынку школы партызаны ўстанавілі станкі, выраблялі зброю.
У час вайны ў вёсцы працавала “Зялёная школа”. Загадчыца школы і настаўніца 4 класа – Корбут Антаніна Агафонаўна, 3-га клса – Комлік Аляксандра Міхайлаўна, 2-га – Бедзік Аляксандра Яфімаўна, 1-га – Дзяшковіч Марыя Мартынаўна. Каб пачаць навучальны год, неабходна было зрабіць шмат работы: прывесці ў парадак школьнае памяшканне, знайсці падручнікі, школьныя дапаможнікі, пісьмовыя прылады, сабраць вучняў. Са школьнага памяшкання перавялі некалькі калгаснікаў-пагарэльцаў на іншыя кватэры. Былі пабелены сцены ў класных пакоях, адрамантаваны парты, зроблена некалькі новых лавак. Вялікую дапамогу ў забеспячэнні школы неабходнымі рэчамі аказалі партызаны. Камсамольцы Кандрацьеў, Бярнацкі і Залаты праніклі ў горад Слуцк у школу, адкрытую фашыстамі, і забралі там усе сшыткі, ручкі, алоўкі, чарнільніцы. Саша Бяляеў са сваёй групай прывёз цэлы воз падручнікаў, глобус, насценныя карты, насценны гадзіннік і нават званок. Дзякуючы такім намаганням вучні былі падрыхтаваны да новага навучальнага года. Настаўнікі імкнуліся эканоміць паперу, чарніла, алоўкі і выхоўвалі беражлівыя адносіны да ўсяго гэтага і ў дзяцей. Навучальны год пачаўся 1 кастрычніка. У школу прыйшло 110 навучэнцаў.
Школа працавала ў дзве змены, строга па раскладу. З 9 гадзін вучыліся вучні 1 і 2 класаў, а з 12.30 – вучні 3 і 4 класаў. Урок цягнуўся 45 хвілін. Дзеці стараліся вучыцца, не прапускалі школу. Не хапала сшыткаў, ручак, карандашоў. Збіралі папяровыя мяшкі (яны складаліся з некалькі пластоў, іх разрывалі і атрымоўваліся тонкія лісты, на якіх можна было пісаць), пісалі на газетах, лістоўках. Часта сшыткі замяняліся кускамі абояў. Чарніла рабілі з чырвоных буракоў. Вельмі любілі ўрокі фізкультуры. Мяч быў самаробны: партызаны прынеслі кусок шыны з падбітай нямецкай машыны. З яе і быў змайстраваны мяч. Урокі пачыналіся і заканчваліся па званку. Калі цямнела, запальваліся газаўкі. Прыходзілі партызаны, расказвалі пра падзеі на фронце, зачытвалі зводкі Савінфармбюро (у партызан быў прыёмнік). Прасілі не ўступаць у размовы з незнаёмымі людзьмі. І навогул, пра незнаёмцаў прасілі расказваць старэйшым.
У свабодны ад урокаў час некаторыя вучні аказвалі дапамогу партызанам: дапамагалі набіраць лістоўкі, клапаціліся пра параненых, дапамагалі на кухні, хлебапякарні. Жыццё школы не абмяжоўвалася заняткамі. Часта праводзіліся вечарыны, даваліся канцэрты мастацкай самадзейнасці, у дні свят праводзіліся ўрачыстыя сходы.
У пачатку 1943 года бамбежкі Загалля сталі больш частымі. Пасля зімовых канікулаў школа зноў пачала працаваць, ў маі 1943 года у адзін з паветраных налетаў фашыстам удалося спаліць школу. Навучанне дзяцей прыйшлося спыніць.
|
Корбут А.В/
|
Комлік А.М.
|
Бедзік А.Я.
|
Дзяшковіч М.М.
|
Пасля вайны школа размяшчалася ў хаце Кульчыцкай Серафімы (цяпер гэта – канец вуліцы Партызанскай у напрамку да вескі Татарка). Заняткі праводзіліся і ў іншых дамах жыхароў вёскі, у будынку канторы калгаса (у адной палове). Цяжкі гэта быў перыяд: не хапала паперы, падручнікаў не было новогул. Замест чарніл выкарыстоўвалі фарбу для тканін, сажу, пісалі на газетах, кусках абояў. Але нягледзячы на такія складаныя ўмовы, вучні вучыліся старанна. У гэтыя цяжкія пасляваенныя гады асноўную частку настаўнікаў складалі жанчыны. У пачатковай школе працавалі Кульчыцкая Серафіма, Плышэўская Агата (яны вялі па два класы-камплекты). Было па два пятых, шостых класаў, адзін – сёмы. З 1944 па 1946 гады дырэктарам школы працавала Гарбуновіч (Марціновіч) Вольга Аляксееўна, з 1946 па 1948 год – Сушчэня Пётр Мікалаевіч. Вельмі патрэбен быў свой, пастаянны будынак школы. І пры дырэктары Бенедзіктовічу Анатолю Міканоравічу (працаваў дырэктарам у 1948 - 1952 гадах) пачалося будаўніцтва школы сіламі калгаснікаў, настаўнікаў і вучняў.
Самі рыхтавалі лес (у Слаўкавічах, Ляскавічах). Па праекту першапачаткова школа была пачатковай з кватэрай для дырэктара і рэакрацыйнай залай. Заняткі ў новай школе пачаліся ў 1950 годзе, але будаўнічыя работы працягваліся. Парты прывезлі з Любані (на машыну памяшчалася па 12 парт; свайго транспарту не было, вылаўлівалі выпадковыя рэйсы).
Сшыткі, падручнікі з Любані на сабе прывозілі, у мяшок улазіла 400 сшыткаў. Для вучняў 1-7 класаў школа была бясплатнай, вучні 8 класа за вучобу плацілі (плата была адменена ў 1954 годзе). У школе працавалі Падбярэзная Ганна, Лашч Іосіф Іванавіч, Леановіч Мікалай Цімафеевіч, Радзюкевіч Феня Іванаўна, Корбут Антаніна, Рудзько Мікалай Іванавіч, Гарбуновіч (Марціновіч) Вольга Аляксееўна.
Да 1955 года школа існавала як сямігадовая. З 1952 па 1975 год працаваў дырэктарам школы Леановіч Мікалай Цімафеевіч.
У верасні 1955 года сямігодка была рэарганізавана ў васьмігадовую школу.
А з 1 верасня 1965 года вучні пайшлі ўжо ў Загальскую сярэднюю школу.
З 1955 года настаўнікам матэматыкі ў школе стаў працаваць Дзмітрук Барыс Антонавіч. Гісторыя гэтага чалавека – гэта гісторыя эпохі. Яго лёс – адкрытая кніга школы. Праз яго рукі прайшлі не дзясяткі, а сотні дзяцей. І ён вучыў іх не толькі матэматыцы, але і быць чалавекам, сапраўдным грамадзянінам нашай краіны. Доўгі час ён быў нязменным кіраўніком фоталабараторыі. І да сённяшняга часу многія выпускнікі ўспамінаюць, што першае знаёмства з фотасправай адбылося дзякуючы яго намаганням.
З 1965 па 1969 год у школу прыйшлі настаўнікі: Сыцька Рыгор Фёдаравіч (настаўнік спеваў і фізвыхавання), Вежнавец Фёдар Іванавіч (гісторык, намеснік дырэктара), Вежнавец (Бараноўская) Вольга Мікалаеўна (настаўніца пачатковых класаў), Трысантовіч Зоя Іосіфаўна (арганізатар), Свінко (Ганчар) Раіса Іванаўна (настаўнік біялогіі).
|
Мохарт К.У.
|
Крукоўская Т.П.
|
Трысантовіч З.І.
|
Міхневіч С.Т.
|
|
Вежнавец В.М.
|
Сыцька Р.М.
|
Свінко Р.І.
|
Жыццё ў педагагічнай прафесіі – гэта няспынная праца душы. Нялёгкі хлеб, які здабываецца на настаўніцкай ніве, але дастойны ўсеагульнай падзякі педагог, які выбраў сваю прафесію па прызванню і высокаму грамадзянскаму абавязку.
Яго праца, праца настаўніка, поўная трывог і хваляванняў, радасцей і горычы, – гэта вечны іспыт на мудрасць і цярпенне, прафесійнае майстэрства і чалавечую незаураднасць.
З 1970 года пачалася працоўная дзейнасць Кандрацені Ганны Міхайлаўны (настаўнік працоўнага навучання) і Сініцкай (Патышавай) Веры Яўменаўны (настаўнік матэматыкі ў 4-7 класах). Гэтыя маладыя дзяўчаты ўліліся ў школьны калектыў. Строгасць і патрабавальнасцьсуадносіліся з дабрынёй і спагадлівасцю, яны маглі найсці падыход да кожнага дзіцяці.
Павялічвалася колькасць дзяцей, патрэбна было пашыраць плошчу школы. І пры дырэктары Вежнаўцу Фёдару Іванавічу (дырэктар з 1975 па 1977 год) пачалося будаўніцтва новага будынка. У 1976 годзе, у кастрычніку, прагучаў званок у новым памяшканні школы. Яна па праекту была пабудавана як школа-васьмігодка, але адкрыты былі дзесяць класаў-камплектаў. У школе некалькі памяшканняў было аддадзена пад кватэры настаўнікаў.
З 1976 года ў школе з’явіліся маладыя настаўніцы: беларускай мовы і літаратуры – Курс Ларыса Іванаўна, матэматыкі – Кузьміч (Грынялевіч) Таіса Хрысанфаўна. Усю сябе аддавалі яны сваёй рабоце, любіць дзяцей, жыць іх клопатамі, аддаваць ім душэўную цеплыню – вась аснова іх работы і жыцця. І дзеці адказвалі ім уземнасцю. Якія тэатральныя пастаноўкі ставіліся пад кіраўніцтвам Ларысы Іванаўны з вучнямі і педагогамі! Да гэтага часу ўспамінаюць яны “Мікітаў лапаць”, “Паўлінку” і іншыя. А прынцыповасць Таісы Хрысанфаўны – ні за што не дасць спісаць. Але і пяцёрка з яе рук – вялікая перамога.
З 1977 года ў школу прыехалі Церахаў Мікалай Мікалаевіч (дырэктар з 1977 па 1982 год), Плышэўская (Шарамет) Алена Мікалаеўна (настаўнік хіміі). Без яе звонкага голасу не абыходзіўся ні адзін канцэрт, шмат песень яна ведала (і цяпер з вялікім задавальненнем спявае). Сваёй павагай і любоўю многім вучням яна дапамагла знайсці свой шлях у жыцці.
1979 год: Крукоўская Раіса Адамаўна (піянерважатая), Дзмітрук Галіна Максімаўна (бібліятэкар), Крукоўскі Мікалай Пятровіч
(настаўнік працоўнага навучання)
1980 год: Кандраценя Таццяна Кузьмінічна (настаўнік матэматыкі). Яе лёс звязаны з дзвюма школамі: і Загальскай, і Баяніцкай. З Баяніч яна прыйшла ў Загалле, доўгі час тут працавала, і ў Баянічах завяршыла свой працоўны шлях.
1982 год: Камісарчык Тамара Леанідаўна (дырэктар з 1982 па 2012 год), Трысантовіч (Езерская) Лідзія Іванаўна (настаўнік геаграфіі), Коўтун Уладзімір Міхайлавіч (настаўнік працоўнага навучання).
|
Камісарчык Т.Л.
|
Трысантовіч Л.І.
|
Коўтун У.М.
|
З чэрвеня 2005 года рашэннем Мінаблвыканкама № 524 ад 13.06.2005 года школа была пераіменавана ў Загальскую дзяржаўную агульнаадукацыйную сярэднюю школу Любанскага раёна.
У 2008 годзе з далучэннем дзіцячага сада адбылася рэарганізацыя ва ўстанову адукацыі «Загальскі дзяржаўны дзіцячы сад – агульнаадукацыйная сярэдняя школа Любанскага раёна».
З верасня 2011 года – Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Загальскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа Любанскага раёна».
З кастрычніка 2022 года – Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Загальская сярэдняя школа Любанскага раёна».
З 2012 года па 2018 год дырэктарам школы працавала Крукоўская Раіса Адамаўна.
З 2019 года дырэктарам працуе Буян Ала Пятроўна.
Медалісты – гонар нашай школы:
Трысантовіч Раіса Сцяпанаўна – залаты медаль, 1967
Кульчыцкая Вольга Антонаўна – сярэбраны медаль, 1967
Бедзік Зінаіда Фёдараўна – сярэбраны медаль, 1968
Трысантовіч Мікалай Сцяпанавіч – сярэбраны медаль, 1968
Курс Святлана Стэфанаўна – сярэбраны медаль, 1989
Бараноўскі Мікалай Іванавіч – сярэбраны медаль, 1991
Свінко Сяргей Сямёнавіч – сярэбраны медаль, 1991
Кандраценя Ірына Міхайлаўна – залаты медаль, 1993
Камісарчык Сяргей Валер’евіч – залаты медаль, 1995
Кузьміч Уладзімір Пятровіч – сярэбраны медаль, 1995
Камісарчык Аляксандр Валер’евіч – залаты медаль, 1997
Трысантовіч Сяргей Міхайлавіч – залаты медаль, 2010
Ляўчэня Марына Рыгораўна – залаты медаль, 2012
Карнеева Аляксандра Ігараўна – залаты медаль, 2018
Гліністая Лізавета Мікалаеўна – залаты медаль, 2020
Сулім Ліана Мікалаеўна – залаты медаль, 2020
Корзун Сяргей Мікалаевіч – залаты медаль, 2022
Баяніцкая пачатковая школа была адкрыта ў 1919 годзе. Першы настаўнік – Балтушкін. Школа размяшчалася ў вясковай хаце: у адной палавіне праходзілі заняткі, у другой жылі настаўнікі. У 1923 годзе з сялянскай хаты школу перавялі ў панскі дом. Настаўнік – Кашэўскі Уладзімір Андрэевіч. У 1936 годзе ён быў арыштаваны, далейшы яго лёс – невядомы. Перад вайной пасля заканчэння Слуцкага педтэхнікума працаваць прыехала Вішнеўская (Кандраценя) Аляксандра Мікалаеўна. Загадчыца школы – Курс Марыя Аляксандраўна. Акрамя вучобы дзеці займаліся ў харавым, драматычным і спартыўным гуртках. У час вайны школа была разрабавана і спалена. Пасля вайны вучні вучыліся па кватэрах. Першапачаткова было шэсць класаў. Загадчыцай працавала Вішнеўская А.М. У 1947 годзе пачалі вучыцца ў новым будынку. Дырэктар школы – Макавец Мікалай Сямёнавіч. Дзесьці ў 1968-1969 гадах школа была ператворана ў васьмігодку. У 2005 годзе яна была рэарганізавана ў пачатковую школу-дзіцячы сад.
У 2008 годзе па рашэнню Любанскага раённага выканаўчага камітэта з-за невялікай колькасці навучэнцаў Баяніцкая пачатковая школа была закрыта і вучні працягнулі адукацыю ў Загальскай школе.
Дырэктары Баяніцкай школы: 1950-79г.г. – Дарасінец, Лашч Ёсіп Іванавіч, Багушэвіч Таццяна Адамаўна, Чэркас Адам Адамавіч, Ляйхнер Анатоль Іванавіч, Новік Аляксандр Іванавіч; 1979-1985 г.г. – Астрэйка Іван Іванавіч, Кульчыцкі Мікалай Ўладзіміравіч, Сярпінскі Генадзій Мікалаевіч, Кульчыцкая Ірына Балеславаўна, Кандраценя Таццяна Кузьмінічна, Стружко Мікалай Мікалаевіч.
У 2017 годзе ва ўстанове адукацыі адбылася сустрэча ў "размоўным кафэ" "Старонкі гісторыі школы: падзеі, факты, асобы…", на якой прысутнічалі ветэраны педагагічнай працы Загальскай сярэдняй школы, Баяніцкай базавай (пачатковай), настаўнікі і навучэнцы Загальскай сярэдняй школы.
Засталіся ў нашай памяці людзі, якія стваралі гісторыю школы, жылі і працавалі так, што свет ад іх добрых спраў яшчэ доўга будзе саграваць усіх нас.
Шмат забывае чалавек, многае сціраецца з часам у яго памяці. Праходзяць годы, тускнеюць успаміны пра дзяцінства і юнацтва, але памяць пра любімых настаўнікаў, школу непадуладначасу.
раскрыть » / « свернуть